Этнаграфічны музей “Таечка”
З гісторыі стварэння
Этнаграфічны музей ў Маркавіцкай школе пачаў стварацца ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Ён змяшчаўся ў адным пакоі, называўся проста этаграфічны куток. З 2014 года музей пашырыўся, займае зараз 2 пакоі і называецца “Таечка”.
Чаму “Таечка”? Таечка – гэта слова ў нашых жанчын азначала сяброўка. Раней часта можна было пачуць такія словы падчас гаворкі: “Ой, таечка ж мая, ці ты чула…” або: “Слухай, піні-тайка, што я скажу…”
Зразумела, што прысвечаны наш музей жанчыне – нястомнай працаўніцы, на якой трымаўся ўвесь дом, сям’я. З раніцы і да позняй ночы яна клапацілася аб гаспадарцы, дзецях, мужу. Не гледзячы на цяжкую працу, яна знаходзіла час упрыгожыць даволі беднае, сціплае жыллё, адзенне, прадметы хатняга ўжытку сваёй бясконцай фантазіяй і майстэрствам. Усё сваё жыццё яна аддавала тым, хто быў побач, імкнулася стварыць прыгажосць, радасць сваёй крапатлівай працай. Яна была ахоўніцай не толькі дамашняга ачага, але і народных традыцый, фальклору, беларускай спадчыны.
Экспазіцыя музея
Музейная экспазіцыя размяшчаецца ў 2 пакоях. Першы прысвечаны быту сялянскай сям’і, ролі жанчыны ў ёй. Падчас экскурсіі вылучаюцца наступныя раздзелы:
1. “Сялянская хата”
2. “Жаночая доля” (роля жанчыны ў сялянскай сям’і)
3. “Ад поля да абраза” (апрацоўка лёну, ткацтва)
4. “Хлеб ды каша – ежа наша”. Маркаўскія прысмакі.
У музеі сабраны разнастайныя прылады працы, якімі карысталіся жыхары вёскі Маркавічы да другой паловы мінулага стагоддзя для апрацоўкі лёну, прыгатавання ежы, розных сельскагаспадарчых работ.
Прылады для апрацоўкі лёну
Экспазіцыя другога пакоя прысвечана дэкаратыўна-прыкладному мастацтву нашых жанчын, іх вытанчанаму майстэрству і ўключае наступныя раздзелы:
1.“Жаночы сялянскі касцюм Гомельска-Чарнігаўскага памежжа”
2. “Дэкаратыўнае ткацтва. Ручнік – повязь часоў і культур”
3. “Каляровыя мары - вышыўка”
4. “Паэтычна-абрадавае кола жыцця” .
У музеі даволі разнастайная калекцыя жаночага адзення Гомельска-Чарнігаўскага памежжа. Жаночы касцюм мясцовасці адрозніваеца ўнікальнасцю, своеасаблівасцю кроя і аздаблення, што тлумачыцца значным уплывам украінскай культуры.
Багата прадстаўлена калекцыя тканых настольнікаў, ручнікоў ад ручніка-уціральніка да набожніка, вытканых рознай тэхнікай: бранай, пераборнай, рамізнай а таксама разнастайныя вышываныя вырабы.
Пад час экскурсіі вы зможаце пазнаёміцца з фальклорнымі традыцыямі мясцовасці. На стэндзе прадстаўлены асноўныя каляндарныя святы і абрады беларусаў Гомельска-Чарнігаўскага памежжа, пасля расказу аб святах вы зможаце стаць іх удзельнікам
Таечка запрашае вас у госці! https://cloud.mail.ru/public/npwF/Fk4Sukqyj